UDF

Новости

Мінкульт: “Гастролькі“ узяць ды адмяніць

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY
27.08.2010
Міністэрства культуры выступіла з ініцыятывай адмяніць гастрольныя пасведчанні – аднаразовы дазвол на правядзенне канцэртных мерапрыемстваў, які выдаецца мясцовымі ўладамі па пэўнай стаўцы. Праўда, датычыцца гэта будзе толькі выступаў беларускіх артыстаў.

Гастрольнае пасведчанне было ўведзена дзевяць год таму. Яго павінен атрымаць арганізатар канцэрта ад мясцовых уладаў. Фактычна гэта дазвол на канцэрт ад чыноўнікаў, які ў час забароны на беларускую рок-музыку было атрымаць зусім няпроста. Кошт такога пасведчання залежыць ад колькасці чалавек у залі і прывязаны да базавай вялічыні.

Так, дазвол на канцэрт на 150 чалавек будзе каштаваць крыху больш за 100 тысячаў чалавек, а для пляцоўкі большай за 3 000 чалавек – 7 мільёнаў рублёў. А калі нехта рызыкне ўзяць залю звыш 14 000 чалавек, то за адно толькі пасведчанне заплаціць больш за 17 мільёнаў рублёў. На канцэрты беларускіх выканаўцаў, праўда, існуе істотная зніжка – у 10 разоў. Але для арганізатараў канцэртаў – атрыманне такой паперы толькі лішняя перашкода.

Дырэктар канцэртнага агенцтва Дзмітры Шэпелевіч ладзіць музычны фестываль "Аксамітны сезон" 3 верасня. "Мы робім фестываль з разлікам на паўтары тысячы чалавек. Разам з беларусамі там выступіць і замежныя каманды, таму за пасведчанне я павінен аддаць 2 800 000 рублёў, а гэта фактычна ганарар той жа заходняй групы. А калі бы фестываль быў яшчэ больш маштабным – сума вырасла бы яшчэ ў разы".

Каб хоць неяк апраўдаць свой бізнес, арганізатары вымушаны падвышаць кошт на квіткі. Цікава, што ў выпадку пераноса канцэрта яны мусяць зноў плаціць за тое самае пасведчанне.

Міністэрства культуры нібы вырашыла зрабіць палёгку для музычнага бізнеса. Міністр Павал Латушка выступіў з прапановай адмяніць працэдуру выдачы гастрольных пасведчанняў і вызваліць арганізатараў ад выплаты дзяржаўнай мыты. Праўда тычыцца гэта будзе канцэртаў выключна з беларускімі артыстамі. Калі на беларускім фестывалі будзе заяўлены хоць адзін выканаўца з іншай краіны, то плаціць давядзецца па-ранейшых стаўках.

"Гэта выглядае дзіўна, бо з дапамогай вядомых выканаўцаў з-за мяжы мы можам прыцягнуць большую ўвагу людзей і да беларускай культуры. Такую справу варта бы заахочваць", - каментуе ініцыятыву Дзмітры Шэпелевіч.

Варта нагадаць, што дзяржаўныя арганізацыі, што займаюцца канцэртамі, у адрозненні ад незалежных канцэртных агенцтваў, наогул вызваленыя ад атрымання гастрольнага пасведчання.



Перейти на сайт