UDF

Новости

Беларускія рок-музыкі распрадаюць свае рэчы

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY
14.07.2010
Міхалок прадае талстоўку, Вольскі – кружэлку савецкіх часоў, Варашкевіч – губны гармонік, а Пугач – аўтарскую саколку з надпісам "Курманбек".

Набыць рэчы айчынных рок-музыкаў можна на дабрачынным аукцыёне. Музыкі маюць уручыць свае лоты пераможцам асабіста наўзамен на квіток, які пацвярджае залічэнне заяўленай сумы на адпаведны рахунак. Тэрмін на гандаль – сем сутак.

Гурт "Ляпіс Трубяцкой" выставіў на продаж эксклюзіўную талстоўку фірмы Dickies з сімволікай гурта, зробленую па спецыяльнай замове ў Амерыцы. Пераможца аукцыёну атрымае ў дадатак еўрапейскі альбом гурта "Agitpop" з аўтографамі музыкаў.

Лявон Вольскі разам з калегамі па гурту "Мроя" Венедыктам Коневым-Петушковічам, Юрасём Ляўковым і Алезісам Дземідовічам выстаўляюць на продаж кружэлку са сваімі аўтографамі "28 зорка", выдадзеную на фірме "Мелодыя" 20 год таму.

Ігар Варашкевіч з "Крамы" прадае свой губны гармонік. У дадатак – дыск з лепшымі песнямі гурта "Будзь разам з намі".

Лідэр J:морс Уладзімір Пугач прапануе набыць аўтарскую саколку з надпісам "Курманбек". Такую ж маечку музыкант сам часцяком апранае. У дадатак - DVD з аўтографам выступу гурта ў тэатры імя Янкі Купалы "Концерт в театре".

Гандаль на рэчы беларускіх музыкаў пачаўся ад 50 000 рублёў. Усе грошы пойдуць на аплату летняга лагера для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з дома-інтэрната ў Навінках. Усяго трэба сабраць 9 мільёнаў рублёў, на гэты момант маецца толькі два мільёны. Грошы неабходныя да 1 жніўня.

Дапамагчы дзеткам можна і без удзелу ў акцыёне: пералічыць грошы можна на рахунак: адкрыты ў філіяле нумар 510 АСБ "Беларусбанк", г.Мінск, вул.Куйбышава, 18, код 603, УНП 600302128.
У беларускіх рублях: № 3642000000136.

Атрымальнік: дзяржаўная ўстанова "Дзіцячы дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця".
Прызначэнне плацяжа: для арганізацыя летняга лагера ў ДАЦ "Спутник".



Перейти на сайт