UDF

Новости

Рок-музыкі ладзяць “Добры фэст“

Сяргей Нятрэба, www.udf.by
20.04.2010
Дабрачынныя фэсты – вялікая рэдкасць у краіне, кіраўніцтва якой дэкларуе сацыяльную арыентаванасць. Вядучыя рок-музыкі краіны вырашылі аб’яднанацца пад слоганам "Добры фэст", каб зрабіць асабісты ўнёсак у справу дабрачынасці.

"Якраз такія акцыі звяртаюць увагу на тыя праблемы, якія існуюць, і на вырашэнне якіх неабходна накіраваць сродкі з бюджэту", - лічыць адзін з удзельнікаў фэсту Алег Хаменка.

"Добры фэст" ладзіцца з ініцыятывы гурта IQ48, якую падтрымала грамадская кампанія "Будзьма беларусамі" і фонд "Добра тут", прадстаўніцтва ірландскай дабрачыннай арганізацыі. "Нас уражвае дабрыня і зычлівасць ірландцаў, якія ў свой адпачынак і на свае ж грошы прыязджаюць у Беларусь і дамагаюць дарослым і дзецям, што трапілі ў бяду", - кажа прадстаўніца фонду Алена Марцьянава. У сувязі з крызісам, грошай у ірландцаў паменела, скарацілася фінансавая дапамога, таму арганізатары акцыі вырашылі прыцягнуць увагу беларусаў да праблемы, якая існуе ў іх жа краіне.

"Калі дзяржава дэкларуе сацыяльную арыентаванасць, то такіх дабрачынных фэстаў павінна быць шмат, але мы гэтага чамусьці не назіраем, - разважае лідэр гурта "Палац" Алег Хаменка. – Гэтаму не надта спрыяе беларускае заканадаўства, бо нават зладзіць дабрачыннае мерапрыемства часам вельмі складана. Тым не менш, нам трэба набываць досвед у правядзенні такіх акцый, пашыраць гэтую з’яву і звярнуць увагу высокіх чыноўнікаў на тое, што патрэбныя нават не грошы, а ўвага і спрычыненасць людзей. Да ўсяго, такія акцыі звяртаюць увагу на тыя праблемы, якія існуюць, і на вырашэнне якіх неабходна накіраваць сродкі з бюджэту".

"Добры фэст" пачнецца 22 красавіка ў мінскім клубе "Рэактар" у 19.00. У музычным марафоне выступяць IQ48, Neuro Dubel, B:N, ZM99, "Палац". Квіткі на яго каштуюць ад 20 000 да 40 000 руб. Усе сродкі пойдуць на падтрымку дзяцей-інвалідаў Чэрвенскага дома-інтэрнату.



Перейти на сайт