UDF

Новости

У Бабруйскім раёне з настаўнікаў збіраюць падаткі за “платныя паслугі“

zapraudu.info
01.04.2010
У школах Бабруйскага раёна з настаўнікаў збіраюць падаткі за нібыта аказваемыя насельніцтву "платныя паслугі".

Як распавяла Алена, што працуе настаўніцай пачатковых класаў у адной з сельскіх школ раёна, кожны месяц усе выкладчыкі павінная выплочваць пэўную сумму за тое, што быццам бы займаюцца рэпетытарствам.

– Я, канешне, застаюся з дзецьмі пасля ўрокаў, каб патлумачыць ім незразумелы ці прапучшаны матэрыял. Аднак не магу ж я патрабаваць ад іх за гэта грошы! А бацькі і наагул лічаць, што настаўнік абавязаны тлумачыць незразумелае. Калі ж дзеці ня будуць ведаць матэрыял, то атрымаецца, што ў маіх вучняў – нізкі паказальнік ведаў. Ня будзе каго даслаць на алімпіяду, а мне як выкладчыку гэта не выгодна! – заўважае Алена.

Аднак афіцыйна лічыцца, што за дадатковыя заняткі з дзецьмі педагогі атрымліваюць грошы.

– Штомесяц на настаўніцкім паседжанні дырэктар кажа нам: "Трэба сабраць за платныя паслугі". Прыходзіць адпаведная папера з пералікам гэтых паслуг, падпісаная кіраўніком аддзела адукацыі бабруйскага райвыканкама Фёдарам Міхаілавічам Багдановічам. Нам кажуць, што ўсе школы ў краіне павінныя за іх выплочваць у РАНА. Ведаю, што толькі з нашай школы збіраюць больш за тры мільёны ў год.

Дырэктар нічога не тлумачыць, запытвае у нас толькі, як выконваць пастанову будзем. У нас працуе 18 выкладчыкаў. Тыя з іх, у каго заробак большы за мільён рублёў, адразу ідуць і аддаюць, – працягвае жанчына.

Алена дадае, што іншыя супрацоўнікі, якія зарабляюць па 500 тысяч, таксама здаюць грошы – хаця і без ахвоты.

– Мы запытвалі ў дырэктаркі: а што будзе, як не здамо? Яна кажа – калі не назбіраем патрэбнай сумы, а ўсе іншыя школы ў раёне паздаюць, дык на наступны год кіраўнік РАНА пазбавіць усю нашу школу прэміяльных, таксама перастануць выплочваць грошы па лістках непрацаздольнасці і гэтак далей. Таму людзі нясуць грошы. Звычайна мы здавалі па 30 – 40 тысяч, а ў гэтым месяцы – і наагул па 80.

Можна задаць пытанне: а якія ж платныя паслугі можа аказваць школа? Калі яна дзяржаўная, а не прыватная? Паводле РАНА, паслугі насельніцтву павінныя аказвацца наступныя:

Перавозка пасажыраў – 5000 рублёў за гадзіну;
Праца газонакасілкі – 600 рублеў за гектар;
Кампутарныя гульні – 900 рублёў за гадзіну;
Трэнажорная зала – 930 рублёў за гадзіну;
Рэпетытарства і падрыхтоўка хатняга задання – 9 580 рублёў за гадзіну;
Падрыхтоўка дзяцей да школы – 1 500 рублёў за гадзіну;
Паслуга мэбляваных пакояў (арэнда) – 6200 за суткі;
Паслугі трактара – 11 540 рублёў за гадзіну;
Кружок "Кампутар для пачаткоўцаў" – 1 500 рублёў за гадзіну;
Школа абітурыента – 1 200 рублёў за гадзіну.

І гэтак далей.

– Паколькі школа не выконвае гэтых паслугаў, то мы плацім з сваёй кішэні. Калі б выконвалі, то не плацілі бы. Але ў вёсцы не рэальна аказаць ніводнай з гэтых паслугаў – у людзей проста няма сродкаў! Улічваючы, што палова вёскі п’е…

Адна з выкладчыц, Наталья, тэлефанавала ў Менск сваім родным, якія працуюць у ахове працы, і распавяла сітуацыю. Я ня ведаю, ці тэлефанавалі яны ў наша РАНА, але ў школу – дакладна. І з Натальі ўжо больш не збіраюць грошы – дырэктар сказала: "Я сама за Вас здам", – узгадвае Алена.

Апрача "аказання платных паслугаў", настаўнікаў прымушаюць выпісваць мінімум тры газеты. Таму на рукі яны атрымліваюць тысяч на 200 меней за налічанае.

– У абавязковым парадку загадваюць выпісваць "Советскую Белоруссию", раённую "Трыбуну працы" ды "Настаўніцкую газету". Гэтая падпіска забірае яшчэ тысяч 15 у месяц. Усё выплаціўшы і здаўшы дырактару, з 600 тысяч рублёў заробку, што налічваюць, я атрымліваю на рукі тысяч 400, – кажа выкладчыца.

Па словах педагога, падобная сітуацыя назіраецца і ў іншых школах раёна.

– Мая знаёмая, дырэктар школы ў іншым канцы раёна, кажа, што ў іх тое сама. А іншая знаёмая, якая працуе настаўнікам пачатковых класаў у Жлобінскім раёне, сцьвярджае, што ў іх такога няма. Значыць, настаўнікі выплочваюць "падаткі" за "платныя паслугі" ва ўсім Бабруйскім раёне – і толькі ў ім? – задае пытанне Алена.



Перейти на сайт