UDF

Новости

Свавольства губернатара абярнулася стратамі для прадпрымальнікаў

regionby.org
06.07.2009
Каля месяца на рагу Маскоўскага праспекта і вуліцы Смаленскай у Віцебску вялося будаўніцтва гандлёвага комплекса. Але губернатару Аляксандру Косінцу гэты аб’ект чамусьці не спадабаўся.

Дзесяць віцебскіх прадпрымальнікаў – уладальнікаў гандлёвых шапікаў, якія меркавалася аб’яднаць у адну сучасную краму, – дагэтуль не могуць прыйсці ў сябе пасля зносу іх маёмасці.

– На гэтым месцы шапікі стаялі з 1992 года, – распавядае Андрэй Адамцоў, уладальнік вядомай у Віцебску "жалезкі" – шапіка, дзе прадаваліся музычныя часопісы, дыскі і касеты. – 8 лютага гарвыканкам прыняў рашэнне, што ўсе шапікі альбо знясуць, альбо іх неабходна рэканструяваць у крамкі з гандлёвай залай. Мы ўсе сабраліся і пагадзіліся будавацца. Атрымацца мусіў цэлы комплекс, бо нашы шапікі гандлявалі і гароднінай, і прадуктамі, і прамтаварамі. 1 мая будаўніцтва пачалося, а 11 чэрвеня на гэтае месца прыгналі трактары і экскаватары, якія пачалі руйнаванне аб’екта.

Прадпрымальнікам паведамілі дзве прычыны зносу. Неафіцыйная выглядае так: 22 мая горад чарговы раз аб’язджаў губернатар Аляксандр Косінец, і быў ён, відавочна, не ў гуморы. Бо інакш чаму ён раптам загадаў спыніць будаўніцтва, калі праект быў ужо зацверджаны, экалагічная і дзяржаўна-ведамасная экспертызы пройдзеныя, дазвол на будаўнічыя працы атрыманы, падмурак крамы зроблены, а на плоце для мінакоў пазначана, што фірма "БОСком" неўзабаве ўзвядзе тут новы аб’ект сацыяльнай інфраструктуры. Афіцыйную прычыну чыноўнікі з гар- і аблвыканкама прапанавалі такую: маўляў, паступаюць скаргі жыхароў на тое, што вакол шапікаў ходзяць "асобы бомж", дый увогуле крама на гэтым месцы нікому не патрэбна.

Цяпер тэрыторыю, дзе мусіў стаяць гандлёвы комплекс, нават не пазнаць: рэшткі падмурку засыпалі зямлёй, а паверх пасадзілі траўку – атрымаўся зялёны лужок.

– Куды мы толькі ні скардзіліся, – кажа спадар Адамцоў, які разаслаў з дзесятак лістоў у розныя інстанцыі. – У падрыхтоўку дакументацыі і будаўніцтва кожны з нас, прадпрымальнікаў, уклаў немалыя сродкі, якія нам ніхто, здаецца, не збіраецца вяртаць. Мы ніяк не ўцямім: як так можна, каб аб’ект, які будаваўся па ўсіх правілах і законах, быў зацверджаны ва ўсіх кабінетах, раптам быў празнаны "не адпаведным горадабудаўнічым патрабаванням"? Выканаўчая ўлада робіць што хоча!

У версію пра скаргі грамадзянаў на непарадак і пра тое, што крама не патрэбна людзям, Андрэй Адамцоў не верыць. Ён згадвае, як упарта "ваявалі" пакупнікі за крамку па продажы гародніны, якую некалькі разоў спрабавалі зачыніць. І паказвае некалькі соцень подпісаў, сабраных студэнтамі універсітэта супраць таго, што зачынілася "жалезка", ці не адзінае ў горадзе месца, дзе можна было знайсці дыск з любімай музыкай. Дзяўчаты куплялі ў адным з тутэйшых шапікаў недарагую касметыку, а яшчэ тут прадаваліся кветкі, сувеніры, біжутэрыя…

Прадпрымальнікі распавядаюць, што замест гандлёвага комплекса гарадскія ўлады прапанавалі ім пабудаваць крамкі ў розных месцах горада. Нехта паехаў па ўказаным адрасе і трапіў… на могілкі. Над сумнай сімволікай гэтага здарэння ўладальнікі шапікаў толькі пасмяяліся. Але тлумачэнняў з розных інстанцый яны яшчэ чакаюць, каб падрыхтавацца да судовага працэсу. Прадпрымальнікі не згодныя з тым, што ўласныя грошы яны страцілі па нечай асабістай прыхамаці.



Перейти на сайт