UDF

Новости

Апазіцыя пачынае шукаць аднаго кандыдата

udf.by
01.07.2009
8 ліпеня пачне працу рабочая група ў складзе АДС, якая мусіць распрацаваць механізм вызначэння аднаго кандыдата на прэзідэнта ад усіх дэмакратычных сіл. 12 палітычных структур, сярод якіх суб’екты АДС (Партыя БНФ, АГП, ПКБ, БСДП (Г), аргкамітэты Беларускай партыі працы і партыі "Надзея") і не суб’екты АДС (да прыкладу, Рада беларускай інтэлігенцыі, БКДП) ужо вылучылі сваіх прадстаўнікоў у рабочую групу. Пра гэта паведаміў сустаршыня АДС Анатоль Лябедзька па завяршэнні Прэзідыума Палітсавета АДС 1 ліпеня.

"З 8 ліпеня пачне працу рабочая група па вызначэнні працэдуры аднаго кандыдата ад прыхільнікаў пераменаў. 11 грамадскіх і палітычных арганізацый далі 12 сваіх прадстаўнікоў - гэтага дастаткова, каб пачаць працу", - сказаў А.Лябедзька.
Пры гэтым палітык адзначыў, што не ўсе суб’екты, каму былі разасланыя запрашэнні, да 1 ліпеня далі адказ. Па пяці-шасці структурах трэба будзе праводзіць дадатковыя кансультацыі.

А.Лябедзька даў Прэзідыуму справаздачу аб удзеле ў парламенцкіх асамблеях Савета Еўропы і АБСЕ. Прынята рашэнне накіраваць звароты да кіраўніцтва ПА АБСЕ і ПАСЕ.

"У ПАСЕ мы яшчэ раз пісьмова выкладзем сваё бачанне, якім чынам рэалізаваць на практыцы прнцып роўных магчымасцей пры працы ў асамблеі прадстаўнікам улады і апазіцыі. Мы гэта расшыфруем. Да Парламенцкай асамблеі АБСЕ мы выказваем сваё неразуменне тым, што рабочая група па Беларусі ў ПА АБСЕ, створаная ў 1998 годзе, праводзіць сустрэчы з прадстаўнікамі афіцыйных улад і фактычна без запрашэння прадстаўнікоў АДС. Дакладней, я ўчора атрымаў такое запрашэнне, але па тэлефоне ў 12.30 на 13.30. Гэта азначае, што фактычна рабочая група ўпершыню парушыла прынцып роўнага плюралізма, калі і ўлады, і апазіцыя запрашаліся на яе мерапрыемствы, і ладзілася дыскусія. Мы хочам атрымаць тлумачэнні ад кіраўніка Асамблеі", - падкэсліў А.Лябедзька.

Глеб Хмяльніцкі



Перейти на сайт