UDF

Новости

Статус давядзецца зарабіць

udf.by
23.06.2009
Парламенцкая асамблея Савета Еўропы верне Нацыянальнаму сходу статус "спецыяльнага запрошанага" толькі пасля ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. Такое рашэнне прынятае 23 чэрвеня ў Страсбурзе. "За" прагаласавалі 159 дэпутатаў, "супраць" - 2, "устрымаліся" - 2.

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі крытычна адносіцца да такога рашэння.

"Мараторый на смяротнае пакаранне – гэта не той крытэрый. Вяртаць статус трэба тады, калі ў Беларусі будзе парламент. Паколькі на мінулых выбарах падліку галасоў фактычна не было, то і няма абранага парламента. Спачатку – свабодныя дэмакратычныя выбары, а потым ужо – вяртанне статусу", - мяркуе Лявон Баршчэўскі.

Старшыня аргкамітэту па стварэнні Беларускай партыі працы Аляксандр Бухвостаў таксама лічыць, што ўвядзенне мараторыя – не самы галоўны крытэрый, па якім мусіць ацэньвацца сітуацыя на Беларусі.

"Толькі пры ўмове, што прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі на парытэтных умовах будуць удзельнічаць у працы ПАСЕ, можна казаць пра станоўчасць гэтага рашэння. Інакш ніякага даверу з боку беларускага грамадства да еўрапейскіх інстытутаў не будзе. Цяперашні дэпутацкі корпус практычна нелегітымны. Я таксама ўдзельнічаў у гэтых выбарах і, па некаторых звестках, мусіў перамагчы. Але ў Нацыяльны сход патрапілі зусім іншыя людзі. Таму, калі аднаўляць статус, то трэба, каб Беларусь на парытэтнай аснове прадстаўлялі і прадстаўнікі Нацыянальнага сходу, і апазіцыі", - падкрэсліў Аляксандр Бухвостаў.

Сустаршыня АДС Анатоль Лябедзька, які 23 чэрвеня непасрэдна ўдзельнічаў у працы сесіі ПАСЕ, задаволены прынятым рашэннем. На гэты момант А.Лябедзька сустракаецца з прэзідэнтам ПАСЕ і абмяркоўвае з ім магчымае прадстаўніцтва Беларусі ў гэтай еўрапейскай структуры.

Палітолаг Андрэй Фёдараў мяркуе: раз ПАСЕ сфармулявала толькі адну ўмову дзеля размарожвання статуса "спецыяльнага запрошанага" – мараторый на смяротнае пакаранне, значыць, на наступнай сесіі, хутчэй за ўсё, статус будзе размарожаны.

"Увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне ўжо абмяркоўвалася папярэдне ў Мінску, і кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі ўжо казаў пра магчымасць такога кроку. Думаю, пытанняў з гэтым не будзе", - адзначыў палітолаг.

Глеб Хмяльніцкі



Перейти на сайт