UDF

Новости

Сяргей Будкін: “Супраць цэнзуры трэба змагацца талакой“ (старт кампаніі)

13.09.2017
Кіраўнік TuzinFM тлумачыць, чаму важна падтрымаць кароткачасовы праект «TuzinFM vs. ідэолягі» на Talaka.by.

Вырашыў перанакіраваць у канструктыўнае рэчышча сваю крыўду, злосьць, абурэньне, бясьсільле ды іншыя адмоўныя эмоцыі ў сувязі з забаронай праводзіць тыя канцэрты, якія хочацца. Відавочна, што Скалабан з кампаніяй памыліліся, калі вырашылі не дазволіць прэзэнтацыю альбома Алеся Дзянісава ды вызначылі ягоны мастацкі ўзровень выкананьня ня слухаючы, а толькі пачытаўшы тэксты. І гэта рэальна даказаць у судзе, стварыўшы тым самым прэцэдэнтную справу, пасьля якой і ідэолягі, і сябры мастацкай камісіі будуць, спадзяюся, больш чульліва разглядаць заявы на канцэрт і паважаць права асобы на творчае самавыяўленьне. А там глядзіш, і патрэба ў такіх камісіях адпадзе, а яе чальцы будуць займацца сваімі непасрэднымі абавязкамі – кіраваць тэатрамі, канцэртнымі арганізацыямі і шоў-балетамі.

Каб вырашыць гэтую справу станоўча, безумоўна ў судзе патрэбны адвакат. І я знайшоў такога чалавека – гэта паважаны юрыст Сяргей Зікрацкі, які пагадзіўся прадстаўляць мае інтарэсы ў судзе. Пытаньне – у аплаце паслугаў. Паколькі дадзеная справа мае грамадзкую важнасьць, вырашыў стварыць яшчэ і прэцэдэнт у беларускім краўдфандынгу – сабраць на юрыдычныя паслугі талакою.

Падтрымаўшы праект «TuzinFM vs. ідэолягі» вы можаце:

– выказаць падтрымку дзейнасьці нашага партала, які сярод іншага з 2003 годзу маніторыць сытуацыю з забаронамі канцэртаў і дамагаецца адмены цэнзуры ў музычнай сфэры;

– выказаць уласна сваё стаўленьне да практыкі разгляду заяваў на правядзеньне канцэртаў у ідэалягічным упраўленьні Менгарвыканкаму;

– падтрымаць творчасьць выдатнага гарадзенскага музыкі Алеся Дзянісава («КальЯн», «Людзі на балоце», Dzieciuki)

– падтрымаць творчасьць выдатнага паэта са Скідзелю Алеся Чобата.

На кампанію зусім мала часу. Судовае паседжаньне па гэтай справе пройдзе 20 верасьня ў Эканамічным судзе.

Усе сабраныя грошы пойдуць на кампэнсацыю судовых выдаткаў.

ПАДТРЫМАЦЬ КАМПАНІЮ «TUZINFM VS. ІДЭОЛЯГІ» НА TALAKA.BY



Перейти на сайт