Последний совет Лукашенко

Аляксандр Фядута, belsat.eu
16 августа 2017, 09:48
Александр Федута. Фото: Еврорадио
По просьбе автора текст на российской версии сайта публикуется по-белорусски.

У мяне было такое адзін раз: запрасілі мяне ў Японію. Было гэта ў 1998 годзе, калі і я быў маладзейшы, і памяць у мяне была лепшая, і сівізны на скронях яшчэ не было. Адзінаццаць дзён у краіне Ўзыходзячага сонца – за кошт японскага МЗСу – з наведваннем Токіа, Кіёто і Хірасімы – чым не мара? Мара.

Але ж умова была адна: гаворым па-ангельску, бо ўдзельнічалі ў той сустрэчы прадстаўнікі пяцідзесяці краінаў свету.

А якая ж у мяне ангельская мова? Ніякая. Чытаць яшчэ нешта магу, а гаварыць – не. Бо мая першая настаўніца замежнай мовы, калі прыйшла ў клас, пачала ўрок наступным чынам:

– Дети, ни один из вас никогда в жизни не будет разговаривать с живым англичанином или американцем. Поэтому моя задача – научить вас пользоваться словарем и читать газету английских коммунистов «Morning star».

Шмат часу прайшло з таго ўроку, але ж, зразумела, што слоўнікам я карыстаюся і газеты (ня толькі брытанскіх камуністаў), і нават трошкі навуковую літаратуру па спецыяльнасці чытаць я магу. А вось размаўляць – не, баюся дагэтуль. Дрэнная ў мяне ангельская мова. У сэнсе: не яна дрэнная, а я дрэнна ёй карыстаюся. Бо баюся карыстацца.

І вось у той Японіі апынуўся я нібы герой аднаго з апавяданняў славутага расейска-украінскага пісьменніка Уладзіміра Караленкі – «Без языка». Толькі той – у Нью-Ёрку, а я – у Токіа.

Тры дні прайшло. Калі ў першы дзень пачалі знаёміцца, дык школьную тэму «My name is Aleksandr» – ну, распавесці пра сябе, сваю сям’ю і прафесію – распавядаў я недзе паўгадзіны. І ветлівыя японцы, мексіканцы, амерыканцы і нават расейцы сядзелі побач і слухалі мяне, нават выгляду ня робячы, што нешта ім не спадабаецца. Бо ўсе ўсё зразумелі: чужая мова, якой я ня ўмею карыстацца.

А вось на трэці дзень пачалася ў мяне сапраўдная гістэрыка. Як гэта так здарылася, што я, дарослы чалавек, у якога ў школе і нават ва ўніверсітэце была па замежная мове выдатная адзнака – як я зараз баюся карыстацца сваймі ведамі? Чаго мне не хапае? Словаў? А слоўнік на што?!

І на наступны дзень, пакуль да мяне не дайшла чарга, я са свайго старога, савецкіх часоў яшчэ, слоўнічка выпісаў неабходныя словы, якіх у памяці ў той момант не захавалася, і мая прамова ня толькі ішла хутчэй, але ж нават усе яе зразумелі. А гаварыў я ў той момант пра Беларусь. Пра тое, чым мы ўсе жылі ў 1998 годзе – памятаеце?

З таго часу ведаю: ня мова дрэнная – я не навучыўся ёю карыстацца. І калі прыязджаю ў Польшчу, пачынаю гаварыць па-польску – і праз два дні хапае мне майго лексікону. У Лондане спрабаваў гаварыць па-ангельску – нічога, зразумелі. І ў Лондане, і ў Берліне, і ў Венецыі. Зразумела: слоў не хапае, але ж кожны раз гаварыць на чужой мове мне ўсё прасцей і прасцей. Адзін раз скарыстаўся словам – запомніў яго, пайшоў далей.

Тое ж, дарэчы, было і з беларускай маёй моваю. Сапраўды я вучыў яе ў сярэдняй школе, і настаўнік у мяне быў вельмі добры – Міхась Іванавіч Анішчанка, аб якім успамінаю я дагэтуль з вялікай павагай і ласкавай усмешкай. А вось размаўляць пачаў толькі ў Менску – калі пачаў супрацоўнічаць з людзьмі, чыя жыццёвая пазіцыя выклікала ў мяне шчырую павагу. Яны не пыталіся:

– А чаго вы па-беларуску не размаўляеце?

Яны і самі размаўлялі, і рабілі справу – сапраўдную справу. Выдавалі кнігі. Вучылі правам чалавека. Праводзілі асветніцкія семінары ў рэгіёнах.

Як можна было не па-беларуску размаўляць з Валянцінай Трыгубовіч і Віктарам Івашкевічам, Генадзем Бураўкіным і Кастусём Цвіркам? Ніводны з іх не зрабіў бы мне заўвагі – толькі калі бачылі, што я забыўся на нейкае слова, паціху, каб іншыя ня чулі, падказвалі яго.

Жыццё побач з імі было найлепшым настаўнікам беларускай мовы – пасля, зразумела, Міхася Іванавіча Анішчанкі. І дагэтуль для мяне гонар гаварыць па-беларуску з Міхасём Скоблам, Наталляй Гардзіенкай, Андрэем Дынько, Глебам Лабадзенкам, Ганнай Севярынец. Нехта з іх аднаго са мной узросту, нехта – значна маладзейшы. Але ж яны робяць вялікую справу – будуюць маю краіну, Беларусь.

І, дарэчы, ніводны з іх ніколі не адазваўся дрэнна пра кагосьці з расейскіх пісьменнікаў – калі размова не кранала палітычныя погляды. Бо яны – культурныя людзі, таму добра ведаюць: няма дрэнных, слабых, запаволеных у развіцці моваў. Ёсць тыя, хто ня хоча або ня можа імі карыстацца.

Іх таксама зразумець трэба. Калі я не карыстаюся нейкай прыладай у сваім жыцці, дык я развучуся ёю карыстацца. Нават сваймі ўласнымі мускуламі. Тры гады займаўся спортам, пакуль жыў і працаваў у Кіеве – а вось са снежня мінулага года – неяк не атрымлівалася. І зараз ужо цяжэй, я гэта добра адчуваю.

У нас вельмі спартыўны прэзідэнт. Як кажуць абазнаныя людзі, недзе каля трох разоў на тыдзень займаецца ён спортам. Добра займаецца – гэта відавочна. І так – дваццаць тры гады сваёй прэзідэнтуры. Ведаеце, каб адзін з гэтых трох разоў прысвяціў ён дзяржаўнай беларускай мове, пра гэта мы даведаліся б адразу. Бо кожны чыноўнік, кожны дэпутат, кожны міліцэйскі генерал-пісьменнік пачалі б калі не размаўляць, дык дэманстраваць сваю павагу для беларускай мовы і культуры. Нават калі б кіраўнік дзяржавы публічна працягваў размаўляць па-расейску. Бо павага адчуваецца адразу.

Трэба карыстацца сваёй мовай – тады і словаў будзе хапаць. І мы будзем ведаць, што адмысловы слоўнік матэматычнай тэрміналогіі (нават энцыклапедыя) па-беларуску ня толькі выйшаў яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў, але ж і атрымаў дзяржаўную прэмію (галоўным рэдактарам, наколькі я ведаю, быў акадэмік Астапчык).

Што галіновыя слоўнікі і падручнікі для сярэдняй школы былі падрыхтаваныя яшчэ ў савецкія часы – і я нават імі карыстаўся, калі вучыўся ў школе (па фізіцы помню дакладны – зялёны быў такі, невялічкі слоўнічак). Хапае дапаможнікаў – трэба знайсці час – як у спорце – і пачаць карыстацца.

Лічыце гэта маёй прафесійна-сяброўскай парадаю, Аляксандр Рыгоравіч. Як настаўнік настаўніку раю.
Статьи в рубрике "Мнение" отражают точку зрения исключительно автора. Позиция редакции UDFudf.name может не совпадать с точкой зрения автора. Редакция не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиГлавные новости ❯ Последний совет Лукашенко