UDF

Новости

Канцэрт “Ляпісаў“ забаранілі ў Пскове - камэнтар гурта

Сяргей Будкін, Tuzin.fm
12.03.2014
Адміністрацыя клюба "Пароход", дзе мусіў прайсьці канцэрт беларускага гурта, паведамілі арганізатарам, што адмаўляюцца ад правядзеньня мерапрыемства.

Тлумачэньне таго, чаму пскоўскі клюб адмовіўся ад канцэрту, на які было прададзена ўжо 90% квіткоў (зьмяшчальнасьць пляцоўкі ля 2000) – досыць цьмяная. "Прадстаўнікі клюбу паведамілі нам, што было тэлефанаваньне «самі-ведаеце-адкуль» (месца адкуль тэлілі не было канкрэтызавана) наконт таго, што ў сувязі з сёлетнімі выбарамі губэрнатара Пскоўскай вобласьці ня варта праводзіць у горадзе канцэрты такіх гуртоў. Пасьля чаго яны вырашылі не праводзіць мерапрыемства", - патлумачыў Tuzin.fm прэс-аташэ гурта "Ляпіс Трубяцкі" Аляксандар Бергер.

Адмены канцэрту беларусаў у Пскове актыўна дамагалася мясцовая філія Камуністычнай партыі Расеі. "Група вязе (у Пскоў) свой новы альбом "Матрешка", у якім у непрывабным выглядзе прадстаўлена Расея зь яе расейскай моваю, лідэры Савецкага Саюзу. Сяргей Міхалок вызначыўся нядаўна выступам на эўрамайдане, дзе падтрымаў дзяржаўны пераварот на Ўкраіне", - вялося ў звароце камуністых.

З нагоды адмены канцэрту 14 сакавіка ў Пскове ў расейскіх прыхільнікаў гурта зьявілася такое тлумачэньне. "Можа канцэрт адмянілі проста ў мэтах бясьпекі саміх жа «Ляпісаў» ды спакою пскавічоў з актыўнай палітычнай пазыцыяй. Бо іх жа проста на кавалкі маглі б разарваць праз тое, што яны на майдане зладзілі. Ды сарваць канцэрт. Можа і да лепшага, што адмянілі", - піша адна з слухачак.

"Пазыцыя гурта такая – мы добраахвотна ад заплянаваных выступаў у Расеі адмаўляцца не зьбіраемся. Тур у падтрымку "Матрёшки" – самы пасьпяховы за ўсю гісторыю гурта. І няма наогул размовы пра тое, што музыкі могуць нечага ці некага спужацца. Мы робім тое, што задумалі, і працягваем тур па ранейшым раскладзе", - заявіў "Тузіну" Аляксандар Бергер.

У сакавіку "Ляпісы" дадуць канцэрты як у расейскіх Смаленску, Екацерынбургу, Цюмені, так і ва ўкраінскіх гарадах – Палтаве, Харькаве, Луганску, а ў красавіку – Данецку, Днепрапятроўску, Адэсе, Хмяльніцкім і Львове.



Перейти на сайт