UDF

Новости

“Бардаўская восень“ святкуе 20-годдзе

18.10.2013
У гэтым годзе адзін з самых старых фэстаў беларускамоўнай музыкі "Бардаўская восень" адсвяткуе 20-годдзе.

За гады існавання імпрэза пераўтварылася ў масштабную падзею, якая штогод разгортваецца на Беласточчыне ў Польшчы, піша ultra-music.com.

Кожны год напрыканцы кастрычніка некалькі дзён запар у межах "Бардаўскай восені" праходзяць акустычныя канцэрты ў Бельску Падляшcкім, Беластоку і навакольных мястэчках. "Бардаўская восень" дасюль застаецца адзіным у сваім родзе фестывалем беларускамоўнай аўтарскай песні, што робіць гэты фэст сапраўды ўнікальным і каштоўным. На сцэне фестываля за гады існавання адзначыліся хіба не ўсе значныя асобы беларускай бардаўскай песні і аўтарскай музыкі самых розных кірункаў: Алесь Камоцкі, Дарафей Фіёнік, Віктар Шалкевіч, Кася Камоцкая, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч і шэраг іншых гучных імёнаў.

Адной з самых яскравых падзеяў кожнага фэсту можна назваць конкурсную праграму для маладых выканаўцаў. За апошнія гады "Бардаўская восень" адкрыла такія імёны, як Паліна Рэспубліка, Яўген Барышнікаў, гурт BosaeSonca, дала штуршок далейшаму развіццю гуртам Re1ikt, "Нельга забыць", TonqiXod.

Сёлеташні фестываль будзе розніцца ад папярэдніх адсутнасьцю конкурснай праграмы. Але ахвяра таго каштавала: на сцэну фэста ў якасьці гасьцей былі запрошаныя самыя яскравыя імёны "Бардаўскай восені". Свае акустычныя сэты на сцэне фестывалю зайграюць Алесь Камоцкі з бэндам, Зміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra, Міхал Бараноўскі і "Нельга забыць", гурт BosaeSonca, Паліна Рэспубліка, Ilo & Friends і іншыя.

Арганізатарамі "Бардаўскай восені", як і ў мінулыя гады выступае "Звяз беларускай моладзі", які зараз дзейнічае пад новай назвай — звяз адукацыі і прамоўцыі беларускай культуры "Шчыты". Адбудзецца сёлеташні фестываль 25–27 кастрычніка. Падрабязную праграму "Бардаўскай восені 2013" можна знайсьці на старонках фэсту ў сацыяльных сетках, альбо на афіцыйным сайце.



Перейти на сайт