UDF

Новости

19 верасня - Дзень “Пагоні“ і бел-чырвона-белага сцяга

Наша Ніва
19.09.2013
22 гады таму, 19 верасня 1991 года, гістарычная сімволіка была прызнана дзяржаўнай. Такое рашэнне прыняў пасля краху СССР Вярхоўны Савет Беларусі 12-га склікання - парламент, які быў абраны на часткова свабодных выбарах.

Нацыянальная сімволіка заставалася дзяржаўнай да Ганебнага рэферэндуму 1995 года, калі замест яе вярнулі каланіяльныя савецкія сімвалы.

Раней бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня" былі сімваламі Беларускай Народнай Рэспублікі - першага дзяржаўнага ўтварэння, што абвясціла сваю незалежнасць ад іншых краін і выкарыстоўвала азначэнне "беларускі".

Герб "Пагоня" - ваяр з узнятым мячом на белым кані ў чырвоным полі - вядомы ў Беларусі з глыбокай старажытнасці.

У якасці дзяржаўнага герба Княства Літоўскага, старажытнай беларускай дзяржавы, яе пачаў выкарыстоўваць вялікі князь Віцень у канцы XIII ст. Выявай "Пагоні" ўпрыгожаныя ўсе дзяржаўныя дакументы тагачаснай Беларусі, старонкі "Літоўскай Метрыкі" і "Статутаў".

"Пагоня" была на сцягах беларуска-літоўскага войска ва ўсіх вырашальных бітвах тых часоў - ад Грунвальда да Оршы.

Пасля Люблінскай уніі "Пагоня" нароўні з польскім белым арлом змяшчалася на гербе Рэчы Паспалітай і на каралеўскім сцягу. Нават пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у XVIII ст, калі Беларусь трапіла пад уладу Расіі, "Пагоня" засталася гербам беларускіх губерняў.

Бел-чырвона-белы сцяг у сённяшнім выглядзе, у адрозненне ад "Пагоні", мае канкрэтнага аўтара. Сцяг стварыў у 1917 Клаўдзій Дуж-Душэўскі.

Створаны Дуж-Душэўскім сцяг быў упершыню ўзняты ўвесну 1917 на будынку Беларускага таварыства дапамогi пацярпелым ад вайны ў Пецярбургу (Дуж-Душэўскi быў супрацоўнiкам гэтага Таварыства).

А 12 сакавiка ў Мінску ўпершыню адбылося масавае свята - нацыянальны Дзень беларускага значка. Бел-чырвона-белыя значкi, кукарды і сцяжкi можна было пабачыць паўсюль на вулiцах.

Бел-чырвона-белую стужку ў 1917-м сталі насіць і вайскоўцы-беларусы на франтах Першай сусветнай вайны, каб пазнаваць сваіх.

У снежнi 1917 у Мінску падчас Усебеларускага з’езда бел-чырвона-белы сцяг ужо адзiнадушна прызнаваўся нацыянальным сімвалам Беларусi. Ён стаў дзяржаўным сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.

За саветамі ж сцяг быў забаронены. Чырвона-зялёны сцяг прыдумалі сталіністы. У канцы 1940-х Сталіну спатрэбілася стварыць сцягі саюзных рэспублік СССР, асабліва тых, якія былі членамі ААН. Яны былі выраблены на аснове сцяга савецкай імперыі. Гэты сцяг і зацвердзілі ў 1951.

Герб БССР трохі даўнейшы. Ён быў прыняты ў 1927, таксама на аснове герба СССР.



Перейти на сайт