Юбілейны канцэрт “Палаца“ адмянілі адным тэлефанаваннем - аўдыё

Сяргей Будкін, "Тузін гітоў"
24 октября 2012, 10:03
Вялікі канцэрт гурта "Палац" у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі з нагоды 20-годдзя нечакана адменены. Арганізатары вымушаныя вяртаць гледачам грошы за квіткі, якія былі разабраныя яшчэ за два тыдні да пачатку дзеі. Афіцыйнай прычынай называецца тое, што "па абставінах, незалежных ад адміністрацыі тэатру і музыкантаў, паўсталі арганізацыйныя праблемы, у выніку якіх правядзенне мерапрыемства стала немагчымым".

Музыканты гурта "Палац", якія рыхтавалі да канцэрту 26 кастрычніка адмысловую праграму "Песні любові і мудрасці", выглядаюць разгубленымі. Для іх гэты выступ быў вельмі важным. Па-першае, ён прысвечаны 20-годьдзю гурта, а таму запрашэнні на яго атрымалі тыя, хто так ці інакш спрычыніўся да гісторыі каманды. Па-другое, "палацаўцы" рыхтаваліся прадставіць у гэты дзень адразу два новыя рэлізы – музычную прыпавесць "Салдат-доктар" і свежы студыйны альбом "Кола грукатала". Да ўсяго, квіткі на канцэрт былі раскупленыя яшчэ за два тыдні да пачатку.

Афіцыйнай прычынай называецца тое, што "па абставінах, незалежных ад адміністрацыі тэатру і музыкантаў гурта "Палац", паўсталі арганізацыйныя праблемы, у выніку якіх правядзенне мерапрыемства стала немагчымым". Аніякай больш канкрэтыкі не паведамляецца. Адзінае, што змагла зрабіць адміністрацыя тэатру, дык гэта папрасіць у гледачоў прабачэння. Лідар гурта Алег Хаменка зазначыў парталу Tuzin.fm: "Я і мае паплечнікі нічога каментаваць не хочам і нам няма за што прыносіць прабачэнні. Пакінем гэту сітуацыю без каментароў".

Тыя, хто набыў квіткі на канцэрт "Палацу", могуць вярнуць грошы за іх у касах тэатру беларускай драматургіі.
Тэлефон касы: +375 29 385-97-51.



Абсурдны загаловак, абсурдная навіна… Як такое магчыма, каб адны з самых яскравых прадстаўнікоў сучаснай беларускай культуры сталі косткай у горле людзям, адказным па працы нібы за росквіт краіны. Можна толькі ўявіць, як напужала адміністрацыю тэатра гэтае тэлефанаванне з ласкавай просьбай не праводзіць дадзенае мерапрыемства. Але ж – нічога, гэта ўсяго толькі тэлефанаванне. Пакуль жа не прыходзяць… І проста дзіва бярэ, як такое тэлефанаванне можа здзейсніць нармальны і адэкватны чалавек. Пакорпаўся б у сваім радаводзе прадстаўнік органаў пільнавання, а можа якраз па яго сваякоў прыходзілі якіх 75 год таму…

Наогул, на першы погляд зусім няясна, навошта пілаваць сук, на якім сядзіш і гнюсна шкодзіць тым людзям, якія ўздымаюць культуру тваёй краіны? Тут варыянты два. Альбо у структуру дзяржаўных органаў прабраліся чужынцы, якія якраз ставяць за мэту схавана шкодзіць інтарэсам дзяржавы і спрыяць сціраньню нацыяльнай памяці. Альбо шкодзяць свае ж людзі, беларусы, перад якімі пастаўлена такая задача – знішчаць яшчэ ў зародавым стане ўсё тое, што хоць нейкім чынам можа паспрыяць зменам у грамадстве. У тым ліку і думкі. Бо небяспеку ўяўляюць зусім не бяскрыўдныя спевы "Палацу" і не сам лагодны і паліткарэктны Хаменка. Небяспеку ўяўляе аўдыторыя гурта. Бо яны любяць сваё, а значыць шануюць гісторыю і наогул занадта шмат разумеюць у гэтых раскладах і можна толькі здагадавацца якія крамольныя думкі зараджаюцца ў іхніх галовах, калі яны слухаюць "Як пайду я ў новую канюшню".

Цікава, а што скажа міністр Латушка ды іншыя дзяржслужачыя, якіх "палацаўцы" хацелі запрасіць на канцэрт. Ды нічога – 100%. Усе прамаўчаць. І пакуль усе мы будзем маўчаць і выконваць незаконныя загады ды слухацца просьбаў з боку прайдзісветаў, нас будуць таптаць. А там глядзіш і сапраўды – не патэлефануюць, а прыйдуць. Па цябе самога.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ Юбілейны канцэрт “Палаца“ адмянілі адным тэлефанаваннем - аўдыё