Максіму Танку — сто гадоў

svaboda.org
17 сентября 2012, 07:35
17 верасня спаўняецца сто гадоў з дня нараджэння Максіма Танка. Сёння з гэтай нагоды Беларускі ПЭН-цэнтр ладзіць у Мінску ў кнігарні "Логвінаў" вялікую юбілейную вечарыну. Паведамляе Валянціна Аксак.

Паэт з прынарачанскай вёскі Пількаўшчына Яўген Скурко, які ўзяў сабе творчае імя Максім Танк, быў не галосна прызнаны найлепшым песняром Заходняй Беларусі ды стаўся сімвалам яе нацыянал-камуністычнага руху. Ідэалам маладосці ён не здрадзіў да канца дзён, што не перашкодзіла яму заставацца цягам усяго творчага жыцьця ў авангардзе нацыянальнага прыгожага пісьменства. За што яго і шануе ўжо не адно пакаленне новых паэтаў.

Сёлетні конкурс маладых літаратараў, які штогод праводзіць Беларускі ПЭН-цэнтр, быў прысвечаны менавіта юбілею Максіма Танка. - Ганараванне пераможцаў, якія пішуць ужо ў новай стылістыцы і паводле новай паэтычнай эстэтыкі, стане галоўнай падзеяй вечарыны, - гаворыць сябра журы конкурсу філосаф і літаратуразнаўца Валянцін Акудовіч.

"Танк на іх фоне выглядае такім архаічным, хоць ён тады ў беларускай літаратуры лічыўся досыць мадэрновым адносна іншай паэтыкі. А тут на іх фоне — Танк зусім з іншай архаічнай эпохі. Але ж інакш і не можа быць. Няўжо на конкурс імя Танка адбіраць вершы, якія сугучныя Танку? Не думаю, што гэта было б правільна".

Фіналістамі конкурсу сталі Андрэй Адамовіч, Павел Капанскі, Ганна Мананкова, Таццяна Нядбай, Марыя Пушкіна, Антон Рудак, Юля Цімафеева, Цімур Хоміч ды Ганна Янкута. Апроч іншых прызоў яны атрымаюць кнігу выбраных вершаў Максіма Танка "Абвяржэнне". Якая, дарэчы, выйшла ў адмысловай новай серыі выдавецтва Ігара Логвінава "Я кнігу маю", задуманай як шэраг аднатомнікаў найлепшых беларускіх аўтараў. І сёння ў праграме вечарыны невыпадкова будзе прэзентавацца адзін з іх — аднатомнік Максіма Танка.

Новую кнігу прадставяць, пераможцаў конкурсу павіншуюць, шмат цікавінак пра жыцьцё і творчасць Героя сацыялістычнай працы, лаурэата Ленінскай і Сталінскай прэміяў СССР, Старшыні Вярхоўнага Савету БССР, Народнага паэта Беларусі Максіма Танка распавядуць Валянцін Акудовіч, Уладзімір Арлоў, Барыс Пятровіч, Людміла Рублеўская ды іншыя прызнаныя персоны сучаснага літаратурнага працэсу.

Пачатак імпрэзы ў кнігарні "ЛогвінаЎ" (Незалежнасці, 37А) а 19-й.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ Максіму Танку — сто гадоў