UDF

Новости

Ці ведаюць беларусы пра сваю культуру?

24.06.2012
Трэцяя частка даследавання, праведзенага ГКК "Будзьма беларусамі!" і лабараторыяй "Новак" увесну 2012 года, прысвечаная пытанням папулярнасці культурных мерапрыемстваў, вядомасці беларускіх "зорак", 75-працэнтнай квоце на беларускую музыку ў эфіры і так званаму “чорнаму спісу”, якога не існуе.

За апошні год 62% беларусаў ніводнага разу не былі нават у кінатэатры, 74% не наведалі ніводнай выставы, 69% не схадзілі ў тэатр і 59% не былі на канцэрце. Больш за 50% насельніцтва нашай краіны за год не наведалі наогул ніводнага культурнага мерапрыемства.

Пры гэтым на просьбу назваць самае яркае культурнае мерапрыемства, якое яны наведалі, 64% дарослых беларусаў не знайшлі што адказаць. Другім па папулярнасці стаў адказ "канцэрты" (9,0%), далей ідуць "Дажынкі" (3,8%), замыкае гэтую тройку адказ "тэатр" (3,3%).

Чым выкліканае такое бязрадаснае становішча з наведваннем культурных мерапрыемстваў і іх ацэнкай? На просьбу назваць прычыны, з якіх яны не наведваюць тэатраў, галерэяў, выставаў і г.д., 30% апытаных спаслаліся на тое, што ў іх не хапае грошай, 36% сказалі, што не маюць дастаткова часу, а 9,0% паведамілі, што культурныя мерапрыемствы не выклікаюць ніякай цікавасці.

Аднак пры ўсім гэтым, калі рэспандэнтам задалі пытанне "У якіх грамадскіх акцыях вы б хацелі ўзяць удзел?" большасць рэспандэнтаў (43%) адказалі "культурных". За гэтым адказам з вялікім адрывам ідуць мерапрыемствы "па абароне правоў спажыўцоў" (21%) і "сацыяльныя" (19,5).
На пытанне "У якіх мерапрыемствах вы хацелі б браць удзел і ці хацелі б, каб іх было больш?" 54% назвалі канцэрты, 35% — фестывалі, а 27,5% — фільмы пра гісторыю краіны.

Мы вырашылі даведацца таксама і пра знакамітую квоту ў 75% беларускай музыкі. Што думаюць нашыя суграмадзяне? Ці значыць гэта, што прынамсі палова гэтай музыкі мусіць быць на беларускай мове? 54% сказалі, што мяркуюць іначай, але 22% пагадзіліся з гэтым сцверджаннем, пры гэтым амаль такая ж колькасць рэспандэнтаў не змагла вызначыцца з адказам.

Што да іншых “дзяржаўных захадаў”, дык пра знакамітыя “чорныя спісы” выступоўцаў, якіх афіцыйна не існуе, чуў толькі 21% беларусаў, астатнія знаходзяцца ў няведанні.

Адносна папулярызацыі беларускай культуры толькі 17,6% беларусаў лічаць, што дзяржава робіць дастаткова ў гэтай галіне, 39,2% лічаць, што хутчэй дастаткова, 26,4% — хутчэй недастаткова і 7,4% — зусім недастаткова.

Грамадская культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі!" праводзіць шмат мерапрыемстваў па ўсёй краіне з удзелам музычных гуртоў, бардаў, пісьменнікаў. Мы апыталі беларусаў на веданне людзей, што сёння ствараюць незалежную беларускую культуру. Выявілася, што вядомасць некаторых з гэтых людзей не такая малая, нягледзячы на тое, што не пра ўсіх пішуць дзяржаўныя СМІ.


Сяргей Міхалок, лідар самага папулярнага беларускага гурта

Так, Сяргея Міхалка ведае амаль 39% беларусаў, Лявона Вольскага – 23% беларусаў, Уладзіміра Пугача – 15%, Змітра Вайцюшкевіча — 10,4%. Сярод гуртоў найбольш вядомыя “Ляпіс Трубяцкой” — 68%, J:Морс — 45% і "Крамбамбуля" — 37%, "Без білета" — 31,5%.

Адносна пісьменнікаў: Рыгора Барадуліна ведае 63% беларусаў, Ніла Гілевіча — 60 %, а Уладзіміра Някляева — 45,5 %.

За дваццаць гадоў існавання незалежнай беларускай дзяржавы нашыя культурныя дзеячы стварылі цікавыя і адметныя культурныя прадукты, сучасныя і разнапланавыя. Аднак доступ да гэтай культуры мае толькі невялікі адсотак нашых суграмадзянаў, якім даводзіцца прыкладаць намаганні, каб пазнаёміцца з ёй: вышукваць у афішах рэдкія канцэрты ў асноўным на прыватных пляцоўках, шукаць у інтэрнэце кнігі. На думку кампаніі "Будзьма беларусамі!" гэта звязана перш-наперш з дзяржаўнай палітыкай па папулярызацыі сучаснага нацыянальнага культурнага прадукту. Большасць творчых здабыткаў музыкаў, пісьменнікаў, мастакоў папросту ігнаруюцца тымі, хто мусіў бы рупіцца пра іх папулярызацыю, перавага ж аддаецца калектывам і творцам, чыя эстэтыка засталася ў васьмідзясятых гадах мінулага стагоддзя.



Перейти на сайт