UDF

Новости

Маладзёжны тэатр рамантуюць на костках - фота

Сяргей Харэўскі, "Наша ніва"
10.01.2012
Знакавае будаўніцтва ў сталіцы вядзецца на месцы рана збураных Пярэспенскіх могілак.

Здавалася б, часы бязбожнага савецкага вандалізму сышлі ў нябыт. Але ці ні кожнае знакавае будаўніцтва ў сталіцы вядзецца зноў на костках — ці то гандлёвы цэнтр на плошчы Незалежнасці, ці піўны рэстаран ля касцёла Св. Язэпа… І вось цяпер зноў турбуюць людскія парэшткі, каб разбудаваць Маладзёжны тэатр на праспекце Машэрава.

Маладзёжны тэатр рамантуюць на костках - фота

Там адбываецца, як сведчыць пашпарт аб’екта, "рэканструкцыя тэатра з прыбудовай і перапланіроўкай". Замоўца прац — ААТ "Аб’яднаная дырэкцыя аб’ектаў, якія будуюцца" і Міністэрства культуры. Выконвае працы БУ-94 ААТ "Будтрэст № 1".

Маладзёжны тэатр рамантуюць на костках - фота

Будынак тэатра (раней — кінатэатра "Спартак") быў пастаўлены на могілках, зачыненых у 1937-м. Але падчас вайны ў царкве Марыі Магдалены, якая месцілася на іх, аднавіліся службы, і вакол працягвалі хаваць людзей. Царква паўторна была зачыненая ў 1949. Было прынята і рашэнне аб ліквідацыі могілак. Магілы тысяч людзей былі сцёртыя з паверхні зямлі. Гэтыя могілкі, званыя "Пярэспенскімі", былі адным з найстарэйшых у горадзе.

Як Мінск быў забраны ў Расійскую імперыю, у 1795 г., для праваслаўных могілак была адмераная дзялка на Пярэспе, у прадмесці, што пазней пачало называцца Старажоўкай.

Маладзёжны тэатр рамантуюць на костках - фота

У 1847 г. тут была збудаваная царква Марыі Магдаліны.

Вось як апісвае гэтыя могілкі 50-х гадоў XIX стагоддзя Павел Шпілеўскі: "За семінарскім домам (цяпер Сувораўскае вучылішча — аўт.), пачынаецца Віленская вуліца, пры павароце з якой на Віленскую паштовую дарогу адкрываецца выгляд праваслаўных могілак, у шатах векавых бярозаў, вядомых пад імем Пярэспа, таму што яно размешчана ля самай рэчкі Пярэспа. Пярэспінскія могілкі маюць форму авальнага круга, абнесенага з трох бакоў ровам, а з чацвёртай — кратаванай агароджаю, каля якой знаходзіцца прыгожая мураваная царква з вялікімі пазалочанымі купаламі, пабудаваная замест згарэлай драўлянай".

Маладзёжны тэатр рамантуюць на костках - фота

Цяпер пра могілкі нагадвае Старажоўская брама ля царквы ды некалькі ацалелых пахаванняў. У 1970-я вялося праектаванне транспартнай магістралі акурат на месцы царквы. Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры здолела абараніць храм, а могілкі адстаяць не ўдалося.

Маладзёжны тэатр рамантуюць на костках - фота

Старажоўскія могілкі. 1920-я гады. Фота Льва Дашкевіча

Праезд быў зроблены проста ў сярэдзіне цвінтара, пры будаўніцтве якога чалавечыя чарапы і косткі трамбавалі ў адхоны і вывозілі на сметнік.
Пасля ўсё ж грамадзкасць дамаглася стварэння тут ахоўнай зоны могілак. І ніхто таго рашэння не адмяняў пасёння!

Паводле найноўшага заканадаўства РБ нельга праводзіць ніякіх будаўнічых работ на месцах пахаванняў. У 1993, да 200-годдзя Мінскай епархіі, побач з царквой быў узведзены помнік, на якім высечаныя словы "Супакой, Госпадзе, душы памерлых раб тваіх усіх на месцы гэтым пахаваных". Тады здавалася, што мы паставілі кропку ў савецкай гісторыі бяспамяцтва. Але не. Шчыруюць, выкідаюць чыесьці парэшткі. Можа сваіх жа родных. А можа і вашых? І пасля, седзячы ў прыцемках тэатральнае залы, мы будзем чые цені бачыць, які павеў адчуваць спінамі?



Перейти на сайт