UDF

Новости

Незалежная Рэспубліка Паліна - відэа

17-гадовая спявачка Паліна Рэспубліка імгненна зачароўвае ўсіх, хто яе чуе. Сёлета яна ў апошні момант заявілася на конкурс беларускага фестывалю "Бардаўская восень", што праводзіцца ў Польшчы. Яна паспяхова прайшла адбор у Мінску ды ўзяла Гран-пры фэсту. Выступ на адкрыцці "Арт-сядзібы" быў для яе першым сольным вялікім канцэртам.

"Мы стварылі альтэрнатыўнае месца для крэатыўнай моладзі і гэта будзе пляцоўка, адкрытая для новых ідэяў", - заяўляе стваральнік "Арт-сядзібы" Павел Белавус. Нядаўна ён разам з паплечнікамі зняў пакойчык пад офіс у гандлёвым цэнтры "Гарызонт". Павел працуе ў культурна-асветніцкай установе "Амарока". Паводле задумы, удзень гэтае памяшканне сапраўды будзе выконваць функцыю офіса, а пасля шостай вечара дзверы адчыняцца для ўсіх, хто хоча паказаць сябе. "Калі шукаць аналагі нашай "Арт-сядзібы", то гэта крыху "Ля мора", крыху галерэя "Ў", нешта ёсць ад "Графіці", толькі без бару", - тлумачыць ён падводзячы да дзвярэй пакоя. Перад уваходам стаіць некалькі дзесяткаў параў абутку – шматлікіх наведнікаў просяць разбувацца перад тым, як зайсьці.

На адкрыццё "Арт-сядзібы" было вырашана зладзіць вялікі канцэрт Паліны Паланейчык, якая называе сябе Паліна Рэспубліка. 17-гадовая спявачка імгненна зачароўвае ўсіх, хто яе чуе. Сёлета яна ў апошні момант заявілася на конкурс беларускага фестывалю "Бардаўская восень", што праводзіцца ў Польшчы. Яна паспяхова прайшла адбор у Мінску ды ўзяла Гран-пры фэсту. Выступ на адкрыцці сядзібы быў для яе першым сольным вялікім канцэртам. Зладжана было ўсё па-хатняму, без узмацняльнікаў ды мікрафонаў. Паліна проста спявала, распавядала пра свае песні, чытала свае вершы і Буніна, адказвала на цыдулкі ад гледачоў і давала слова іншым. Як прызналася Паліна, для яе гэты выступ апынуўся "цудам на Каляды". Яна марыла пра сольны канцэрт, але думала, што гэта ўжо адбудзецца налета, а тут такая прыемная ды адказная прапанова. Яна з радасцю пагадзілася, каб дапамагчы "закласці добрую энергетыку ў гэтыя сцены".

Паліна падзяліла сваю праграму на дзве часткі. У першай яна спявала лірычныя ды меланхалічныя песні, часам такія сумныя, што адзін з гледачоў прапанаваў ёй цукерку – "каб не было так горка". Другая была аддадзена пад песенкі весялейшыя, калядныя.

Між іншым, спявачка патлумачыла, чаму яна "Рэспубліка". Так яе назваў аднойчы сябар, калі яны праходзілі ля амбасады Рэспублікі Ліван ў Беларусі – па каляровай гаме адзення Паліна тады выглядала акурат, як ліванскі сцяг. Так яна і залюбіла слова "рэспубліка" ды вырашыла так падпісвацца.

Паліна рыфмуе ў сваіх песнях "світэр" ды "твітэр", перавагу аддае беларускай мове і нават спрабуе выканаць Земфіру ў беларускім перакладзе: "А яна чытала ў метро Багдановіча..." Праўда, чужыя песні ў яе не надта выходзяць, затое сваімі недзіцячымі баладамі-развагамі пра адвечнае яна сапраўды зачароўвае. Яна ўжо мае сваю музычную візітоўку – гэта песня "Гадзіннік".



Перейти на сайт