UDF

Новости

Беларускія мастакі стрыт-арту сабраліся ў Варшаве

28.09.2011
Ідэя стварыць у Беларусі цэнтр падтрымкі вулічных мастакоў і выдаць часопіс пра вулічнае мастацтва прагучала падчас першай сесіі Беларускай школы стрыт-арту, якая праходзіць у Варшаве з 24 верасня па 1 кастрычніка.

У Варшаву прыехалі найлепшыя вулічныя мастакі Беларусі, якія спэцыялізуюцца ў трафарэтах (стэнсілах). Сярод іх — стэнсіліст Dream, вядомы малюнкамі гістарычных асобаў каля Камсамольскага возера ў Мінску. Dream прыехаў у Варшаву, каб пазнаёміцца з вядомымі польскімі вулічнымі мастакамі і абмяняцца досведам з беларускімі калегамі. "У нас тут выкладаюць людзі, якія займаюцца стрыт-артам больш за 15 гадоў. Тое, што мы ўбачылі ў Польшчы, хочам паўтарыць у Беларусі, больш сур'ёзнае, больш глабальнае. У Беларусі цяжка нешта рабіць. У Варшаве з гэтым прасцей , ніхто не замінае, не зафарбоўваюць. Думаю, у нас таксама так будзе. Гэта пытанне часу", — прыводзяцца словы стэнсіліста ў прэс-рэлізе школы стрыт-арту.

Адзін з кіраўнікоў праекту Яўген Гавін адзначыў, што арганізатары "нават не чакалі такога ўзроўню гасцей з Беларусі".

— Некаторыя настолькі прафесійныя, што могуць самі выкладаць, — сказаў Гавін. — Напрыканцы заняткаў мастакам з Беларусі належыць размаляваць адмысловую сцяну ў цэнтры Варшавы.

Другі кіраўнік праекту Франак Вячорка лічыць, што стрыт-арт павінен мець грамадскае гучанне.

— Беларусы прывыклі, што малюнкі на сценах — гэта дрэнна. Не заўсёды. Задача вулічнага мастацтва — прымусіць чалавека думаць, пры гэтым не псаваць навакольнае асяроддзе. Напрыклад, беларускімі ўдзельнікамі ўжо зацікавіліся польскія фірмы. Прапаноўваюць зрабіць марку адзення, ствараць малюнкі для маек, штаноў, — адзначыў ён.



Перейти на сайт