Выйшла супольная кніга Рыгора Барадуліна і Яна Паўла ІІ
У ёй змешчаны пераклады вершаў Пантыфіка і прысвечаныя яму вершы беларускага Народнага паэта.
Вяльмуе Бог…
Бог пасылае верных,
Каб яны
Пераканалі душы ласкай шчырай.
Мальбы недатыкальныя званы
Дабраслаўляюць шлях у вечны вырай.
Бог давярае мужным
Весці люд
У непарушную гасподу веры.
Кут у гасподзе вольны для пакут,
Засланы стол для Тайнае Вячэры.
Бог выбірае мудрых,
Каб вякам
Было з кім памаўчаць
І ўзважыць скруху.
І па жарсцве прыступна ступакам
Ступаць за далягляд,
Дзе светла духу.
Пасланнікі нябесныя,
Ад іх
Вядзе адлік бясконцасць маладая.
Вяльмуе Бог абраннікаў сваіх.
Бяз іх
На сэрцы свету халадае…
Полацкія уніяты выдалі кнігу пад назваю "Вяльмуе Бог абраннікаў сваіх", назвай якой стаў радок з гэтага верша народнага паэта. У кнігу ўвайшлі прысвячэнні Барадуліна Папу Рымскаму, пераклад "Рымскага трыпціха" Яна Паўла ІІ, а таксама "Рымскі дыпціх" – твор, які Барадулін напісаў пасля сустрэчы з Пантыфікам. У інтэрв’ю Польскаму радыё для замежжа слынны беларускі паэт расказаў пра тое, як стваралася кніга.
— Дзядзька Рыгор, вось гавораць, што перакладчык уступае ў суаўтарства з аўтарам. Як Вам, ці лёгка было ўступіць у суаўтарства з Янам Паўлам ІІ?
— Было цяжкавата… Разумееце, гэта духоўная паэзія. Калі б звычайная была, дык можна было б і выкрунтасы сабе дазволіць, каб прыгажэй зрабіць. А тут задача дужа адказная: трэба не толькі захоўваць блізкасць з арыгіналам, але яшчэ й духоўнае. Напрыклад, калі я перакладаў "Песню песняў", я быў вольным, я стараўся, каб гэта было па-беларуску добра, каб было прыгожа, пранікнёна. А тут такія рамкі, выконваць якія з аднаго боку было цяжка, а з іншага лёгка, бо душа ляжала да гэтага.
Нябёсы пасылаюць на зямлю
Пачутых Усявышнім.
Каб сагрэлі
Аблудных душ
Азяблую раллю.
Каб словы вешчай кнігі не старэлі,
Абраўшы горкі шлях зямны
Яны
Змагацца з цемрай,
Памагаюць зорам,
Ахвярнасці бяссоныя званы
Шчырэюць разбудзіць у здрайцаў сорам.
Жыццё спакусы сыпле як з каўша.
І непахіснай вераю святая,
Узяўшы боль і страх людзей,
Душа з анёламі ў нябёсы адлятае.
Гэтак напісаў на бэатыфікацыю Папы Рымскага Яна Паўла ІІ Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.
— З часу, калі вы сустракаліся з Папам Рымскім, прайшло ўжо шмат гадоў. Ці памятаеце вы ў дэталях тую сустрэчу?
— Гэта было як сон… Справа ў тым, што я пераклаў трыпціх Яна Паўла ІІ, і мы ехалі, каб яму ўручыць. Не чакалі, што ён нас прыме, мы думалі, што проста перадамо. Але нам сказалі: "Папа вас чакае". Самае цікавае, што Папа Рымскі загаварыў на выдатнай беларускай мове! Сустрэча была кароткаю, але тое, што ён мяне дабраславіў, тое, што ён гаварыў са мною па-беларуску – гэтага я не мог забыць.
— Ад той сустрэчы ў вас засталіся нейкія падарункі ад Папы Рымскага?
— Так, Папа Рымскі падарыў мне ружанец. Я і зараз часта яго бяру ў рукі, малюся, узгадваю тую сустрэчу…