UDF

Новости

Фестываль Ad.nak пашыраецца

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY
16.03.2011
Зварухнуць рэкламны рынак у краіне і зрабіць папулярнай рэкламу па-беларуску. Такую задачу ставіць перад сабой арганізатары фестывалю беларускай рэкламы Ad.nak. Цяпер у адзіным фэсце беларускамоўнай рэкламы могуць узяць удзел не толькі вытворцы рэкламы, але і ўсе тыя, хто прасоўвае нацыянальны творчы прадукт у масы.

Фестываль Ad.nak праходзіць ужо ў другі раз. Сёлета яго арганізатары вырашылі трохі пашырыць фармат – акрамя ўласна рэкламы будуць разглядацца культурныя праекты і сродкі масавай інфармацыі, увагу звернуць нават на блогераў, якія пішуць па-беларуску.

"Такім чынам істотна павялічыцца колькасць намінацый, а фестываль стане больш маштабным", - упэўнены кіраўнік рэсурсу Marketing.by Сяргей Скараход. Яго падтрымлівае іншы суарганізатар фестывалю Алена Макоўская з кампаніі "Будзьма беларусамі": "Патрэба ў беларускамоўнай рэкламе і камунікацыі відавочна ёсць. Пра гэта сведчаць хоць бы вынікі апытання, што мы правялі разам з сацыялагічнай лабаротарыяй "Новак". 37% беларусаў хочуць бачыць рэкламу па-беларуску".

На думку Алены Макоўскай, пакуль гэты патэнцыял выкарыстоўваецца не належным чынам, хоць першы фестываль засведчыў пра зрухі ў гэтай сферы. Тады на конкурс было пададзена больш за 100 заяваў. Сярод працаў, што былі прызнаныя лепшымі – рэклама кваса "Хатнягі", кухоннага камбайна Bosch са слоганам "Дзерці бульбу? Няма дурных!", бензатрымера Hoyo пад правакацыйным слоганам "Вашай траве – касец!" ды іншыя.

Заявы на другі фестываль будуць прымацца да 6 чэрвеня, 23 чэрвеня цягам усяго дня вядучыя беларускія рэкламшчыкі будуць праводзіць майстар-класы, а пры канцы пройдзе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.



Перейти на сайт