UDF

Новости

Літаратары паказалі сябе без фоташопа

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY
30.11.2010
Выйшаў працяг арт-календара "Канец словаў", цяпер выглядзе фэйкбуку і з іншай мастацкай канцэпцыяй. На трох дзесятках чорна-белых паштовак сучасныя беларускія творцы пазіруюць аголенымі ў хатніх умовах – на кухні, у душы, на ложку і балконе. Завадатары арт-праекту засцерагаюць называць гэту серыю "чарговым паказам аголеных беларускіх літаратараў".

Аўтарам канцэпцыі выступіў культуролаг Максім Жбанкоў. Ён называе праект "спробай пранікнення ў псіхалогію творчасці". "Тыя словы, якія мы чуем ад нашых літаратараў, і тыя іх тэксты, якія мы чытаем, вельмі часта не раскрываюць іх асобу, а наадварот яшчэ болей яе прыхоўваюць. Таму мы вырашылі даць магчымасць паглядзець на іх у сітуацыі "канца словаў": калі мінулы тэкст ужо напісаны, а другі яшчэ не з’явіўся".

Суаўтар канцэпцыі, Дар’я Сітнікава дадае: "Тут літаратары – не зусім літаратары, яны тут мадэлі, у якіх замест дасканалых тэкстаў ёсць толькі недасканаласць целаў. Гэта не літаратары чарговы раз распрануліся, гэта ідэя "канца словаў" знайшла сваё ўвасабленне".

Дзеля найбольшага набліжэння да "каранёў творчасці" літаратараў здымалі ў хатніх умовах, у абстаноўцы, максімальна набліжанай да рэчаіснасці: калі яны сябе адчуваюць адкрыта і разняволена і быць публічнай асобай не патрабуецца. Паэт-слэмер Віталь Рыжкоў пазіруе ў ложку, адказны сакратар Саюзу беларускіх пісьменнікаў Анатоль Івашчанка нязмушана дэманструе часткі цела, адзін з заснавальнікаў суполкі "Бум-бам-літ" прыкрываецца адной толькі гірай…

Фатографам праекту выступіў адзін з прызнаных майстраў чорна-белага фота Ігар Саўчанка. Ён прызнаецца, што ўпершыню працаваў з аголенай мужчынскай натурай і зазначае: "Магу сказаць, што мяне цікавіць аголены мужчына. Як голае дрэва, што стаіць у полі". Фотамастак кажа, што працавалася яму з літаратарамі даволі проста: "Не назваў бы іх разняволенымі і адкрытымі, але гэтыя людзі без праблемаў упусцілі мяне ў сваю паўсядзённасць".

Фэйкбук "Канец словаў: home collection" з’явіцца ў продажы на пачатку снежня.








Перейти на сайт