UDF

Новости

Айцец Аляксандр Надсан атрымаў у падарунак суперкнігу

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY
21.10.2010
Кніга стала добрым падарункам айцу Аляксандру Надсану на яго 80-годдзе. Яна ўяўляе не толькі навуковую, але яшчэ і мастацкую вартасць. Багата аздобленае выданне пад назвай "Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца" мае 620 старонак. Фактычна гэта збор навуковых артыкулаў, але ўкладальнікі кнігі кажуць, што яна прадстаўляе зрэз беларускай культурнай думкі пачатку 21-га стагоддзя.

Ахоп аўтараў уражвае – гэта сотня асобаў з 14 краінаў свету. Тэмы іх артыкулаў – розныя, але так ці інакш звязаныя з дзейнасцю Апостальскага візітатара для беларусаў-католікаў замежжа. А таму акром рэлігійных пытанняў тут закранаецца і літаратуразнаўства, і мастацтвазнаўства, і тэма Чарнобыля. Айцец Аляксандр быў адным з першых, хто ўзняў тэму катастрофы за мяжой.

Сам юбіляр быў моцна ўражаны, калі пабачыў упершыню кнігу-прысвячэнне. Выданне "Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца" была прэзентавана ў Вільні, а цяпер будзе паказана ў Мінску. У імпрэзах удзельнічае і сам айцец Аляксандр. З нагоды яго прыезду ў Беларусь была арганізавана выстава, прысвечаная яго дзейнасці. Яна адкрываецца ўвечары 21-га кастрычніка ў бібліятэцы імя Якуба Коласа Акадэміі навук. Тут будуць прадстаўленыя кнігі, артыкулы, даследаванні вядомага беларуса замежжа - перакладчыка на беларускую мову шмат якіх літургічных тэкстаў, зацверджаных пасля Ватыканам.



Перейти на сайт