MAUZER паехаў у Мінск і ледзь уцалеў

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY
9 сентября 2010, 12:26
Адзін з лепшых маладых рок-гуртоў Беларусі пераехаў з роднага Магілёва ў Мінск, перажыў распад ды ізноў аднаўляе сваю дзейнасць. Лідэр гурта Ян Маўзер кажа, што цяпер гурт будзе гучаць зусім па-іншаму.

Пасля "полураспаду" гурта, калі перад прэзентацыяй іх новага альбому пад правакацыйнай назвай "Pornа" з каманды пайшлі басіст і бубнач, лідэр "маўзераў" разам з гітарыстам прынялі рашэнне перабрацца ў Мінск. "Мы зразумелі, што ў сталіцы куды больш прасторней і перспектыўней. У Магілёве да ўсяго досыць цяжка знайсці музыкаў. Там мала хто падыходзіць нам як з тэхнічнага боку, так і па знешнім выглядзе, на які мы заўжды звярталі ўвагу", - тлумачыць Ян Маўзер.

Аднак ужо ў Мінску заснавальнікі гурта Ян і Колхз не паразумеліся, у выніку чаго апошні вярнуўся ў родны горад. Лідэр "маўзераў" застаўся адзін і вымушаны быў ствараць каманду з нуля. Бубнача і басіста ён ужо знайшоў, цяпер справа за гітарыстам, да якога асаблівыя патрабаванні. "Вова Колхз быў ключавой фігурай, ён жа пісаў і музыку, таму замену яму знайсці не так і проста", - тлумачыць Ян. Неўзабаве абноўлены MAUZER пачне рэпетыцыі – да гэтага лідэр каманды не будзе раскрываць прозвішчы новых музыкаў - каб не сурочыць. "Наша музыка відавочна зменіцца, не ведаю, у які бок, але дакладна яна будзе іншай", - зазначае ён і дадае, што магчымы варыянт, што MAUZER цяпер не будзе выконваць "Беларусь будзе вольнай", "Брудная вада", "Калыханка" ды іншыя старыя песні.

Сам Уладзімір Колхз сітуацыю з гуртом MAUZER каментаваць не хоча: "Смецце з хаты выносіць не буду. Але дакладна магу сказаць, што ў гэтым гурце я больш не задзейнічаны". Цяпер былы гітарыст MAUZER працуе над стварэннем новага праекту. Абяцаецца электра-поп з англійскамоўным вакалам.

Гурт MAUZER – адзін з лідэраў беларускай рок-музыкі новага пакалення. Яны перамаглі на фестывалі "Басовішча" у 2005 годзе, сталі лаўрэатамі фэсту "Рок-Кола-2005", уладальнікамі "Рок-Кароны" за "Дэбют года" на цырымоніі "Рок-Каранацыя-2005", на "Рок-Каранацыі-2006" Ян Маўзер прызнаны "Выканаўцам году". Гурт прадстаўляў Беларусь на буйных фестывалях "Воздух-2007" у Расіі і Be2gether-2008 у Літве. Іх апошні альбом "Pornа" увайшоў у тройку лепшых дыскаў першага паўгоддзя 2010 па версіі сайта Experty.by.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ MAUZER паехаў у Мінск і ледзь уцалеў