Колькі год Беларусі?

www.udf.by
10 июля 2009, 13:57
Гэтае пытанне ўзняў прафесар Адам Мальдзіс на выступе перад удзельнікамі беларуска-польскай канферэнцыі беларусістаў.

"Нас лічаць бязбацькавічамі, нібы на пустым месцы ўзніклі. Ці тое бальшавікі прыдумалі Беларусь, ці то Пазняк. Мы вядзем адлік ад 3-га ліпеня 1944 году у лепшым выпадку ці ад нараджэння таго ці іншага чыноўніка ў горшым. Ужо забыліся нават пра БССР, а пра БНР і не ўзгадваем. Мы самая сарамлівая нацыя ў свеце і нават пытання такога не ставім – колькі нам год", - сказаў навуковец і заклікаў гісторыкаў дакладна ўстанавіць, калі нас пачалі называць беларусамі.

Сам прафесар Мальдзіс прапанаваў рыхтавацца да 800-годдзя Беларусі ў 2117 годзе. Ён выказаў думку, што адлік варта весці ад 1217 году. "Ёсць запісы ірландскага законніка, які трапіў на тэрыторыю Літвы і пісаў, што яго калега пайшоў на беларускую зямлю, Альбарусію. Гэты ж манах прысутнічаў на каранацыі Міндоўга. Значыць у сярэдзіне XIII стагоддзя мы ўжо зваліся беларусамі, - кажа даследчык. – Нечаканыя звесткі прыйшлі нядаўна ад калегаў з Венгрыі: у 1217 годзе, калі каранавалі на Галіцыйскі трон вугорскага прэтэндэнта, яго называлі і каралём Белай Русі. А цяперашнія землі Берасцейшчыны і Навагрудчыны якраз уваходзілі ў зону ўплыву Галіцыі. Калі не знойдзем ранейшай даты, мусім рыхтавацца да гэтай, каб не было сорамна перад тымі ж літоўцамі. Няхай і 800 год, але гэта цвёрда прапісана ў каралеўскіх актах", - зазначыў Адам Мальдзіс.

Меркаванні адносна ўзросту Беларусі ў даследчыцкіх колах вельмі розныя. Шэраг гісторыкаў лічыць, што 1000-годдзе Літвы, якое адзначаецца сёлета, таксама і беларускае свята, бо наша краіна з’яўляецца галоўнай пераемніцай Вялікага княства Літоўскага, а беларусы да пачатку XX стагоддзя называлі сябе ліцвінамі. Але якраз на гэту акалічнасць і звярнуў увагу Адам Мальдзіс, які лічыць, што беларусам трэба звярнуць увагу на іншую дату, каб гістарычная Літва не была "каменем раздору" між сучаснымі беларусамі і літоўцамі.

Адзін з самых паважаных беларускіх гісторыкаў Анатоль Грыцкевіч з цікавасцю паставіўся да ідэі Адама Мальдзіса адзначыць у будучыні 800-годдзе Беларусі. Прафесар сказаў www.udf.by: "Ідэя нядрэнная, але тут можна адзначаць сам факт каранавання, але не нараджэнне беларускай дзяржаўнасці. Я лічу, што беларуская дзяржаўнасць не звязана з назвай "Белая Русь". У другой палове XIV ст. так зваўся толькі Полацк, а потым назва Альбарусія распаўсюдзілася далей на ўсход. Уся ж наша тэрыторыя стала называцца Беларуссю толькі ў XIX ст.". На меркаванне прафесара Грыцкевіча, адлік беларускай дзяржаўнасці варта весці ад першай згадкі пра Полацкае княства ў 980 годзе.

Даследчыкі гатовыя да дыскусіі на гэты конт. Магчыма 6-ая па ліку канферэнцыя беларусістаў будзе прысвечана якраз гэтаму пытанню. Але ўсе гісторыкі як адзін прызнаюць, што ідэя святкавання нараджэння беларускай дзяржаўнасці так і застанецца на ўзроўні ініцыятывы, бо дзяржава не зацікаўленая ў пошуку сваіх гістарычных каранёў.

Сяргей Нятрэба
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ Колькі год Беларусі?