UDF

Новости

Мінкульт прыдумаў кампраміс па помніках

"Наша Ніва"
11.06.2009
Міністэрства культуры вырашыла паклапаціцца пра ўвекавечванне памяці выбітных дзеячаў беларускай гісторыі. На грамадскае абмеркаванне вынесены план устаноўкі помнікаў, скульптур, мемарыяльных знакаў у 2009-2012 гадах.

Пакуль што міністэрскі спіс налічвае каля 70 пазіцый. Гэтыя прапановы былі атрыманы ад мясцовых уладаў. Ім і давядзецца фінансаваць рэалізацыю праекту.

Самымі актыўнымі пакуль з’яўляюцца Полацк (прапанова наконт 4 помнікаў і 1 помніка-бюста), Гомель (5 помнікаў-бюстаў) і Ветка (3 помнікі-бюсты).

Такім чынам, якіх асобаў мясцовыя чыноўнікі лічаць вартымі ўшанавання ў помніках?

Прэтэндэнты на помнікі

Мінск і Мінская вобласць:

драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у Мінску;

двойчы Герой Савецкага Саюзу генерал-маёр Азі Асланаў ў Вілейцы.

Брэсцкая вобласць:

Уладзіміра-Валынскі князь Уладзімір Васількавіч і княгіня Вольга ў Кобрыне.

Віцебская вобласць:

княгіня Вольга, заснавальніца Віцебска;

княгіня Рагнеда ў Полацку;

пісьменнік Ян Баршчэўскі ў Полацку;

дойлід, будаўнік Спаса-Прэабражэнскай царквы Іаан ў Полацку.

Гродзенская вобласць:

пісьменнік Францішак Багушэвіч у Смаргоні;

кароль Міндоўг у Навагрудку;

дзяржаўны дзеяч Антоній Тызенгаўз у Гродна.

Магілёўская вобласць

генерал, камандзір 1-ай пяхотнай дывізіі Войска Польскага Зыгмунт Берлінг у Горацкім раёне;

адзін з арганізатараў падпольнага руху Фёдар Крыловіч у Асіповічах;

пісьменнік Аркадзь Куляшоў у Касцюковічах;

заснавальнік горада князь Расціслаў Мсціслававіч у Мсціславе.

Прадстаўнікі Гомельскай вобласці прапанавалі мноства помнікаў-бюстаў, але варыянтаў на ўшаванне асобаў у помніках не знайшлі.

Удакладненні ад Акадэміі навук

Нацыянальная акадэмія навук прапанавала яшчэ каля 100 кандыдатур на ўшанаванне.
Тут ёсць і Вітаўт, і Леў Сапега, і Кастусь Каліноўскі, і трое Радзівілаў у Нясвіжы… Ці то па недаглядзе, ці то наўмысна ажно два помнікі прапануецца ўстанавіць Аляксандру Чарвякову. Сярод прадстаўнікоў другой паловы ХХ стагоддзя сустракаюцца Кандрат Крапіва, Андрэй Макаёнак, Кірыл Мазураў.

Прапанову Акадэміі навук можна лічыць адной з першых афіцыйных спробаў скласці шырокі спіс вартых асобаў з гісторыі Беларусі. Ужо хаця б таму на яе трэба звярнуць увагу. Магчыма, менавіта гэты пералік возьмуць на ўзбраенне камітэты па перайменаваннях.

Вядома ж, можна шукаць у спісах недахопы: напрыклад, адсутнічае постаць Васіля Быкава. Але калі намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка са шкадаваннем зазначае, што ў Беларусі няма ніводнага помніка Касцюшку, – гэта добры знак. Здаецца, улады прапануюць кампрамісны, з іх пункту гледжання, варыянт: не чапаць старыя савецкія помнікі (Ленінаў, Дзяржынскіх і кампанію), а ўстанаўліваць побач з імі і новыя, беларускія.

Вашае меркаванне будзе ўлічана

Міністэрства культуры прапануе арганізацыям і грамадзянам уступаць у дыскусію наконт асобаў, вартых ушанавання. Цяжка сказаць, ці будзе ўлічвацца меркаванне альтэрнатыўнага боку, але можна не сумнявацца, што і Таварыства беларускай мовы, і некаторыя іншыя грамадскія аб’яднанні паспрабуюць высунуць свае кандыдатуры.

Поўны зводны план (праект) устаноўкі манументальных збудаванняў у Рэспубліцы Беларусь у 2009 — 2012 гг.



Перейти на сайт