Устаноўчы з'езд партыі адбыўся 2 сакавіка 1991 г. Першапачаткова партыя называлася Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (БСДГ).
29 чэрвеня 1996 г. БСДГ аб'ядналася з Партыяй народнай згоды і стала называцца Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада).
З 19 лютага 2005 г. у адпаведнасці з нормай заканадаўства БСДП (НГ) называецца Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).
Устаноўчы з'езд партыі прыняў Праграмную заяву БСДГ і Статут. Праграму партыі "Крок за крокам" прыняў ІІ з'езд БСДГ у снежні 1992 г.
29 чэрвеня 1996 г. на аснове была прынята праграма БСДП (НГ). Ад папярэдняй Праграмы дакумент адрозніваўся тым, што ў яе быў уключаны раздзел аб адрозненнях дэмакратычнага сацыялізму ад іншых палітычных плыняў (кансерватызму, лібералізму і г.д.) і раздзел "Чаго мы хочам?". Астатнія раздзелы ў асноўным паўтараюць палажэнні праграмы "Крок за крокам".
За ўзор пры складанні Праграмы БСДП браліся Дэкларацыя прынцыпаў Сацыялістычнага Інтэрнацыянала 1989 г., праграма Сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі Швецыі 1989 г., Берлінская праграма Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі і праект праграмы БСДП 1919 г.
У Статуце БСДП (Грамада) запісана: прыярытэтным накірункам дзейнасці партыя лічыць сацыяльную абарону грамадзян Беларусі. У праграме партыі гэты накірунак канкрэтызаваны: сацыяльная абарона людзей наёмнай працы, моладзі і пенсіянераў.
Мэта партыі: пабудова салідарнага грамадства на прынцыпах свабоды, роўнасці, сацыяльнай справядлівасці, дэмакратыі і прыярытэту права; пабудова незалежнай дэмакратычнай прававой і сацыяльнай дзяржавы — раўнапраўнага суб'екта еўрапейскай і міжнароднай супольнасці.
Задачы партыі: сцверджанне і абарона правоў і свабод чалавека; стварэнне шматукладнай рынкавай сацыяльнай і экалагічнай эканомікі. Партыя актыўна ўдзельнічала ва ўсіх выбарчых кампаніях.
На прэзідэнцкіх выбарах 1994 г. Грамада падтрымлівала кандыдатуру Станіслава Шушкевіча, на выбарах 2006 г. — кандыдатуру Аляксандра Казуліна. (У 2001 г. партыя не змагла вызначыць, якую кандыдатуру ёй падтрымліваць). У Вярхоўным Савеце БССР (Рэспублікі Беларусь) XXII склікання і Вярхоўным Савеце XXIII склікання дзейнічалі сацыял-дэмакратычныя фракцыі.
Ляўковіч Анатоль Іосіфавіч
Нарадзіўся 9 чэрвеня 1953 г. у Гомельскай вобласці ў сям'і аграномаў.
Служыў у Савецкай Арміі. Скончыў філасофскае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў Мінску. Абараніў кандыдацкую дысертацыю па філасофіі. 25 гадоў выкладаў і з'яўляўся дацэнтам Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта.
Да дэмакратычнага руху Анатоль Ляўковіч далучыўся падчас перабудовы. Адзін з арганізатараў Беларускага Хельсінскага камітэта і Свабоднага прафсаюза Беларускага.
Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) з моманту яе ўтварэння (2 сакавіка 1991 года). Больш за 10 гадоў кіраваў Брэсцкай абласной арганізацыяй БСДП.
За палітычную дзейнасць Анатоль Ляўковіч звольнены з Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта.
15 студзеня 2005 года абраны старшынём БСДП (Грамада).
4 сакавіка 2007 года абраны першым намеснікам старшыні партыі. У сувязі са зняволеннем лідэра партыі Аляксандра Казуліна выконваў абавязкі старшыні партыі.
3 жніўня 2008 года з'езд БСДП (Грамада) ў трэці раз абраў Анатоля Ляўковіча старшынём партыі.
Кантакты
Адрас: пр-т Ракасоўскага, д. 52/1, пам. 241А 220905, Мінск, Беларусь
Тэлефоны: +375-8-(017)-246-86-94
+375-8- (033)-603-68-63
+375-8-(029)-160-54-80
+375-8-(029)-448-34-20
Ляўковіч Анатоль Іосіфавіч (старшыня) +375-8-(029)-652-00-20